Home

Рэклама

Наладка

СЧАСТЬЕ ЕСТЬ?

Лют. 10, 2010 | 05:42 pm

 Сустрэча выпускнікоў не прайшла дарэмна. 

Аднакласніца Аксана вучыцца на філфаку. Летам у яе была практыка па фалькларыстыцы. Аксанка “збірала” вясельныя абрады ды прыкметы. Па маёй мілай ліцэйскай сяброўцы яўна плачуць навуковыя ступені, бо вынікам яе працы стала справаздача на дзвесце старонак…

Што-нішто і мне перапала, так бы мовіць. Тры прыкметы, якія запомніліся найбольш:

1) На нявесце падчас вяселля павінна быць што-небудзь чырвонае, сіняе і пазычанае.

2) Каб у новай сям’і усё было ладна ды складна, жаніху трэба перанесці маладую праз сем мастоў .

3) Посуд, з якога ядуць маладыя на вяселлі, а таксама свечкі, што гараць ля іх, трэба пасля святкавання схаваць падалей. Калі ў сям’і адбудзецца сур’ёзная сварка, муж з жонкай вясельныя талерачкі дастануць, з'ядуць з іх загадзя прыгатаваную вячэру, і ўсё нібыта наладзіцца. А свечкі вясельныя запальваюць, калі захварэе дзіця.

Аднакласніцы мае разумныя-разумныя, а чыста спартыўнай маёй цікавасці да вяселля не зразумелі. І пасыпаліся на мяне пытанні: Кто? Где? В какой позе? И когда же состоится ваша свадьба? На апошняе адказала, што зімою. А зімы штогод бываюць. То бок я сказала праўду і біць мяне не трэба!

Але я ведаю (цяпер дык дакладна), што нічога проста так не адбываецца. І пра вясельныя прыкметы я Аксану, як высветлілася, не дарэмна распытвала. Што ж такога высветлілася? У сяброўкі Іруські ў жніўні вяселле! Усё заканамерна, бо мінулай вясною яна на вяселлі ў стрыечнай сястры злавіла букет. 

А вось Дзімка, Іруська і той самы букет.

   

Дзіма рабіў Ірцы прапанову  "рукі і сэрца" мо раз пяць. Першы раз зрабіў, калі ёй стукнула 18. Цяпер Іры 20, і яна такі пагадзілася! 

Дзіма занудны. Я  яго доўга вытрываць не магу.  Ну, мне, дарэчы, гэта рабіць і не трэба... А Ірка... Ірка  глядзіць на свет прытарна-шчаслівымі вачамі. А калі так, то і я шчаслівая... За яе.

Няўжо счастье есть?

Спасылка | Пракамэнтаваць {4} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

НОЧЫ З МАКСІМАМ. НОЧ ТРЭЦЯЯ. АПОШНЯЯ

Стд. 18, 2010 | 07:23 pm

 Я. Ты. Ноч. Кухня. Цішыня.

Недзе а другой гадзіне зразумела, што ў галаве маёй нейкая салата. Ці ёсць сэнс перапісваць твае хронікі ў свае дзённікі? І якая верагоднасць таго, што з 35 білетаў я выцягну менавіта цябе? Спаць...

Раніца ўсё паставіла на свае месцы. Ты не дастаўся мне. Ну й слаўна... А хто ж? Зміцер. Варыянт не самы добры. Але ад яго, ад Цішкі Гартнага, мяне выратаваў мой Максім. Такі не дарэмна мы з табою начавалі, мілы!

Любімая група пастанавіла, што цяжкія іспыты яднаюць лепей за карпаратывы.

"Tuborg Black". Двойчы. Эйфарыя. Жарты. Весела.

Вечар. Гарбата. Стамілася. Спаць...


как будто жизнь начнется снова, 
как будто будет свет и слава, 
удачный день и вдоволь хлеба, 
как будто жизнь качнется вправо, 
качнувшись влево.                                
(с)И.Бродский


НОЧЫ З МАКСІМАМ. НОЧ ПЕРШАЯ

НОЧЫ З МАКСІМАМ. НОЧ ДРУГАЯ

Спасылка | Пракамэнтаваць {7} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

НОЧЫ З МАКСІМАМ. НОЧ ДРУГАЯ

Стд. 17, 2010 | 02:12 pm

Ты - благо гибельного шага,
Когда житье тошней недуга,
А корень красоты - отвага,
И это тянет нас друг к другу         (с) Б. Пастернак

Твае
хронікі,
дзённікі,
апавяданні,
аповесці,
навелы,
абразкі,
цыклы,
праблемы,
героі,
вобразы...

Кожная новая старонка - крок, што набліжае мяне да вар'яцтва.

Я. Ты. Ноч. Цішыня. 


НОЧЫ З МАКСІМАМ. НОЧ ПЕРШАЯ

Спасылка | Пракамэнтаваць | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

НОЧЫ З МАКСІМАМ. НОЧ ПЕРШАЯ

Стд. 16, 2010 | 02:58 am

  Когда теряет равновесие
  твое сознание усталое,
  когда ступеньки этой лестницы
  уходят из под ног,
  как палуба,
  когда плюет на человечество
  твое ночное одиночество...          (с) И. Бродский

Калі пералічанае адбываецца са мною, я вырашаю: час! Час змяніць сваю начную адзіноту на тваю кампанію. Цяпер я з табою, Максім. Думкамі. Целам - на кухні...

Вот цветы и цветы, и квартиры с новой любовью, 
с юной плотью входящей, всходящей на новый круг, 
отдавая себя с новым криком и с новой кровью, 
отдавая себя, выпуская цветы из рук...
                   (с) И. Бродский

Ніякіх кветак, Максім. Я з рук выпускаю асадку... Усё, што адбылося паміж намі, выльецца на старонкі дзённіка. Маім прыгожым почыркам будзе апісана кожная дэталь.

Час гэтай ночы вымяраецца старонкамі тваёй біяграфіі....

Я. Ты. Цішыня.

Спасылка | Пракамэнтаваць {2} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

КАТАСТРОФА

Стд. 15, 2010 | 08:16 pm

... І вось яна, тая самая катастрофа.

Уронила девушка перстень
В колодец, в колодец ночной...


Не, спадар Гумілёў, зусім не ў калодзеж я свой пярсцёнак абраніла, бо нешта не хадзіла я сёння побач з калодзежамі. Так недзе з рукі зваліўся... Шкада.

Спасылка | Пракамэнтаваць | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

ЧАЦВЁРТЫ МЕСЯЦ ЛЕТА. ЭЛЕМЕНТЫ КУЛЬТУРЫ

Стд. 14, 2010 | 12:54 pm

 Трэба ж некалі скончыць! Паспрабую зрабіць гэта зараз...


чытаць )

Спасылка | Пракамэнтаваць {10} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

СОЛЬ

Стд. 13, 2010 | 09:26 pm

Я рассыпала соль. І цяпер, як любая нармальная аптымістка, чакаю катастрофу. Цікава, якой яна будзе.

Спасылка | Пракамэнтаваць {4} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

ЖЫЦЦЁВЫЯ ІСЦІНЫ

Стд. 12, 2010 | 04:25 pm

Любимый братик (мой кузэн) першы з малодшага пакалення нашай сям'і стаў студэнтам. За гады свайго студэнцкага жыцця ён набраўся мудрасці (не ведаў, заўважце) і неяк падзяліўся ёй са мною. І цяпер я ведаю тры непарушныя жыццёвыя ісціны:

Ісціна №1
ЗАЧЕМ УЧИТЬСЯ? ЖИЗНЬ НАУЧИТ!

Ісціна №2
ЗНАТЬ И СДАТЬ - НЕ ОДНО И ТО ЖЕ.

Ісціна №3
ПОСЛУШАЙ МНЕНИЯ ВСЕХ И СДЕЛАЙ ПО-СВОЕМУ.

Працуюць. Праверана на сесіі практыцы.


Спасылка | Пракамэнтаваць {1} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

РЫТАРЫЧНЫ ІДЭАЛ

Стд. 4, 2010 | 11:46 pm

Кульмінацыйны момант гарачай спрэчкі:

- Толстой был узурпатором и самодуром!
- Зато он босиком ходил! И косил!
- Нормальные парни не косят!!! 
- працытавала я рэкламу вайсковага прызыву і зразумела, што да рытарычнага ідэалу мне як да месяца...

Спасылка | Пракамэнтаваць {4} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

ЧАЦВЁРТЫ МЕСЯЦ ЛЕТА. НАСЫЧАНЫ ДЗЕНЬ

Снж. 22, 2009 | 10:23 pm

Паспрабую працягнуць тое, што пачала даўно і па няясных прычынах кінула. Пад катам гісторыя і крыху фотак.  чытаць )

Спасылка | Пракамэнтаваць {29} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

НОВЫ ГОД - ГЭТА...

Снж. 22, 2009 | 12:31 am

Да Новага года засталося дзесяць дзён. Я паволі пачынаю падводзіць вынікі шчэ аднаго пражытага года, рыхтавацца да свята ды чакаць цудаў. А Новы год – гэта…

… гэта ўпрыгожаныя традыцыйнымі атрыбутамі крамы, школьныя класы, паліклінікі, факультэцкая сталоўка, вакзалы, кватэры, вуліцы…. Гэты галоўная елка роднага горада, якая чамусьці ўжо некалькі год запар свеціцца халоднымі сінімі агеньчыкамі і надта нагадвае фалічны сімвал.

Новы год – гэта снег і мароз. Калі снегу няма ў наяўнасці, можна ўключыць тэлевізар: у святочныя дні ён там ледзь не на кожным канале. А мароз можна проста ўявіць альбо прыгадаць з дзяцінства. 

Новы год – гэта елкі. На плошчах, у крамах і дварах, на паштоўках, у газетах і на ТБ, у дамах культуры, у школах, у паліклініках і шпіталях, у бібліятэках, у факультэцкай сталоўцы, у руках кожнага, хто спяшаецца дадому 31 снежня… Елкі ў кватэрах. У нашай – маленькая штучная елачка. Набылі яе яшчэ тады, калі я не хадзіла ў школу. І па традыцыі ставім штогод, хоць заўсёды збіраемся паставіць жывую. А жывыя елкі былі толькі ў дзяцінстве. Дзядуля прыносіў для любімай унучкі самае зялёнае, самае прыгожае дрэўца. І раніцай першага студзеня любімая ўнучка, ледзь расплюшчыўшы вочы, вылазіла з-пад цёплай коўдры і басанож па халодных масніцах (о! як сердавалі за такое бабуля і мама) бегла да увасаблення ўсяго казачнага і святочнага – да елкі. А пад ёй – цацкі, цукеркі, арэхі, мандарыны…

Новы год – гэта мандарыны. Не тыя іспанскія ці мараканскія, жудасна аранжавыя і невыносна салодкія, а нашы звычайныя абхазскія ці грузінскія, што трошкі зеленаватыя, крыху кіслыя і маюць такі навагодні водар…

Новы год – гэта “Ирония судьбы”, “Приключения Шурика”, “Иван Васильевич меняет профессию” ды “Карнавальная ночь”. Гэта “Панарама года” і навагоднія віншаванні ад двух прэзідэнтаў. Гэта тэлефанаванні сваім у Маскву у 23:10 і “Голубой огонёк” на Шаболовке”.

Новы год – гэта дом. Цёплы і ўтульны, з елкай, свечкамі, белым віном і святочнай вячэрай. Ніводнага разу не сустракала Новы год не дома. І, нягледзячы на тое, што ўжо напланавала бог ведае чаго на надыходзячае свята, ведаю, што ўсё адно святкаваць буду дома. Тыя, хто запрашаў, забудуцца. Планы зменяцца. Дарогі разыдуцца…

Новы год – гэта мінулагоднія стравы на снеданне, абед і вячэру першага студзеня. Гэта віншавальныя SMS-кі, што дасылаеш самым родным і любімым, і шчырыя ды цёплыя адказы на іх. Гэта цуды, у якія верыш. Гэта шчасце, здароўе і каханне, якія абавязкова будуць у новым годзе, бо ўсе табе гэтага пажавалі.

Новы год – гэта елачныя цацкі, паштоўкі ды падарункі, што робіш уласнаруч. Гэта морозная ноч над заснежанай вёскай і поўнае зорак неба. Гэта святочная сукенка, фрызура, макіяж. Гэта магчымасць загадаць жаданне, якое абавязкова здзейсніцца.

Новы год – гэта казка…


Спасылка | Пракамэнтаваць {15} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

НАСУЩНОЕ

Снж. 21, 2009 | 10:54 pm

 Бліжэй да сесіі студэнт пачынае нагадваць чароўнага трусіка. Такі беленькі ўвесь, пухнаты, з чырвонымі вочкамі (бо начамі ж не спіць!). Ён нібыта кажа сваім выглядам: “Паглядзіце на мяне: я такі слаўны, такі бяскрыўдны. Я напісаў усе літдзённікі, здаў усе практычныя работы, атрымаў мікразалікі ды не прапусціў амаль ніводнай пары. Хто, як не я, заслугоўвае залік?!”

А за залік студэнт аддасць усё: ум, честь, совесть, душу, радзіму

Ум
. Гэта будзе першае, што я сама вам прапаную, спадары выкладчыкі. Честь. Няма заліку – няма гонару. Бярыце! Совесть. Ну, калі знойдзеце якія рэшткі – яны вашы!..

Як? Не хочаце?! А што ж вам трэба? Ах, душа! Дык забірайце! Толькі не назаўсёды, а да наступнай сесіі: вы на новых заліках натрасеце сабе свежых душак, а я сваю мо шчэ каму прапаную. За залік, вядома :)

***
Засталося дзве пары. Толькі дзве.

Спасылка | Пракамэнтаваць {47} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

БЕЗНАЗОЎНАЕ

Снж. 10, 2009 | 04:49 pm

Пазаўчора мяне адправілі на пераздачу заліка. Першы раз у жыцці...

Сёння мяне выгналі з пары. Нават з дзвюх. Такога раней таксама не здаралася...

Я яшчэ не вызначылася, што гэта: альбо пачатковы этап дэградацыі маёй асобы, альбо працэс пераўтварэння ў сапраўднага студэнта, альбо проста дрэнны гараскоп на гэты тыдзень.

Спасылка | Пракамэнтаваць {17} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

НАЗІРАННІ

Снж. 8, 2009 | 11:07 pm

Я вельмі люблю назіраць за людзьмі. Проста назіраць. За простымі людзьмі.

Пра тое, што за людзі прыцягваюць маю ўвагу, я амаль ніколі не думала. Мяркую, не буду думаць і надалей… Але вось што цікава: тыя асобы, за якімі я назіраю больш пільна, чым за іншымі, ледзь не сачу, праз пэўны час (месяц-год-два-болей) дзіўным чынам уваходзяць у маё жыццё. Так, менавіта ўваходзяць: не становяцца сябрамі ці добрымі знаёмымі, проста самі праяўляюцца на негатывах маіх дзён, і я гэтаму ніяк не спрыяю.

Ёсць такая важная рэч у маім жыцці, нават цэлая яго частка: аўтобус №47. Цэлая нізка гісторый, цэлая галерэя партрэтаў… Вось адзін з іх.

Дзяўчына. Звычайная. Сярэдняга росту. Доўгія каштанавыя валасы адліваюць золатам. Вочы нафарбаваны так, што не дай бог пабачыць! Але прыгожая, нягледзячы нават на гэты бязглузды макіяж. Журналістка. Разумею гэта па манеры апранацца, бо так апранаюцца толькі сапраўдныя журналісткі. Мабільнік з рук не выпускае…

Ужо потым, з розных выпадкова падслуханых пачутых размоў ды неспланаваных сустрэч у тым самым 47-ым даведваюся, што дзяўчына сапраўды з журфака, што воляю лёсу мая аднакурсніца, бо год была ў акадэмцы па хваробе. Назіраю, слухаю і падслухваю, але не знаёмлюся. Знаёміцца не цягне: цягне назіраць.

Год. І яшчэ два месяцы. У мяне з’яўляецца новая суседка па пакоі. Яе з’яўленне таксама звязана з містычнай гісторыяй, але не пра тое гаворка. Суседка не мае сябровак, тым больш – у інтэрнаце. Яе жыццё тут – суцэльнае супрацьстаянне і змаганне. Але…

Дзень суседкіных Народзінаў. Збіраемся блокам на кухні на сціплую гарбату з торцікам. Виновница торжества запрашае таксама сваю новую сяброўку. Каго б вы думалі? Так, тую самую дзяўчыну, за якой я назіраю ўжо год…

Цяпер гэтая асоба – частая госця ў нашым пакоі. І мае далейшыя за ёй назіранні больш не маюць сэнсу.

Спасылка | Пракамэнтаваць {3} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

2012. КАНЕЦ!

Снж. 8, 2009 | 12:32 am

Паглядзела "2012". Перад праглядам пра фільм ведала толькі тое, што ён пра канец свету. Шчыра спадзявалася на нешта цікавае і філасофскае, такое, што прымушае задумацца... Атрымала галівудскую камедыю пра апошні дзень Зямлі. А жанр пазначаны, як "драма"...

Я ведаю, што апошні дзень калі-небудзь настане, бо аднагрупнік Дзіма не лянуецца нагадваць нам пра тое, што "мы все умрём!". Але калі гэты дзень настане сапраўды ў 2012-ым, я не буду ганяцца за квітком на выратавальны карабель. Я спакойна загіну сабе разам з большасцю, як зрабіў гэта амерыканскі прэзідэнт у фільме...

Спасылка | Пракамэнтаваць {6} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

ІНФАНТЫЛЬНАЕ...

Снж. 3, 2009 | 02:25 am

"Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала". А што трэба дзіцёнку для шчасця? Вядома, новая цацка. Нават калі дзіцёнак ужо не дзіцёнак, а цацка - цацка па-ранейшаму...

У маёй гаспадарцы мяне з'явіўся бычок. "Бычок-лежебок", як было напісана на этыкетцы. Падаравалі на дваццацігоддзе. Больш пахваліцца няма чым, дык пахвалюся хоць цацкай! Мой бычок - бычок-трансформер, бо можа ператварацца ў падушку. Ён мегапазітыўны! Цяпер мне ёсць да чаго прытуліць галаву і каго ўзяць за рогі.

А каб пост не быў зусім вясёлым, раскажу гісторыю пра сапраўднага бычка.

... Раней у вёсцы ў бабулі была вялікая гаспадарка і як абавязковы яе элемент - карова. Зорачка, наша разумніца: часта з поля прыходзіла сама, калітку адчыняла рогамі. Час ад часу ў яе з'яўляліся дзеці. Іх гадавалі колькі месяцаў, а потым здавалі, здаецца, на ферму. А апошняга не здалі...

Гэта быў прыгожы руды бычок Бора. Рукаты-рукаты! Хадзіў за ўсімі хвастом, жваў усё, што ў кветачкі. Я з бычком сябравала (мне было 10 ці 11), ён са мной, здаецца, таксама, бо надта ўжо любіў аблізваць мае рукі.

Бора рос. Надышоў час збываць яго з двара. І нешта не захацелі здаць цяля на ферму, вырашылі забіць дома, каб потым прадаць мяса. Так і зрабілі...

У апошні дзень жыцця есці бычку не давалі. Ён цэлы дзень цёгаўся па двары, заглядаў ва ўсе куты, каб знайсці хоць што-небудзь пажаваць. Увечары з поля прыйшла карова. Яе зачынілі ў хлеве. Бора па-ранейшаму гуляў адзін. Дарослыя нешта марудзілі. Я выйшла з хаты. Бычок глянуў на мяне сваімі вялікімі галоднымі вачамі. Не вытрымаўшы погляду, я прынесла з агарода бураковы ліст і пачаствала ім любімца... Бора ліст зжаваў. А потым прыйшлі дарослыя. Мяне загналі ў хату, і я аддтуль яшчэ доўга не хацела выходзіць...

Калі з двара ўсё прыбралі, бабуля пайшла ў хлеў даіць карову. З вачэй у нашай Зорачкі цеклі слёзы...

А мяса... Мяса доўга не маглі прадаць, і яно ляжала ў ляўдоні, перакладзенае крапівою...

Спасылка | Пракамэнтаваць {3} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

СВІННІ

Ліс. 26, 2009 | 05:01 pm

Патэлефанавала бабуля:

"Глядзі, унучка, сцеражыся! А то грып гэты... Свіны... У нас з дзедам свіней няма, і на вуліцу мы нячаста ходзім, дык да нас тая зараза не дойдзе. А ў горадзе свіней багата. Вось хоць у транспарце... Ты ўсё думаеш, што то людзі, а гэта свінні..."

Люблю алегарычнасць бабулінай мовы.

Спасылка | Пракамэнтаваць {6} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

ПАЧУТАЕ

Ліс. 26, 2009 | 04:57 pm

- Не друкуюць...
- А ты пісаў?
- Не, не пісаў.
- То напішы!
- Дык не надрукуюць!

Спасылка | Пракамэнтаваць {2} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

ДВАЦЦАЦЬ. ПОСТДЗЕНЬНАРАДЖЭННЫ ПОСТ

Ліс. 21, 2009 | 09:51 am

Дваццаць. “Стукнула” пазаўчора. І цяпер на пытанне пра ўзрост я ніколі не адкажу шчыра. Семнаццаць, васемнаццаць, дзевятнаццаць – рамантыка, а дваццаць... Дваццаць. Наперадзе яшчэ чатыры разы па столькі, але... Але.

Дваццаць. Дзень нараджэння. Притча во языцех, канешне, але тут я пра гэта яшчэ не пісала. Дык вось. Нехта чакае на Дзень нараджэння прынца на белым кані, а я чакаю белага... Не, не каня. Снегу. Першы снег – самы цудоўны падарунак на ДН для мяне. Толькі не кожны год шанцуе яго атрымаць.

А яшчэ не ўсе ведаюць, што я нарадзілася пад Новы год. Менавіта так, пад Новы год: дзевятнаццатага лістапада... І ўсё ў мяне з логікай нармальна (з жаночай, зразумела, на іншую і не прэтэндую)! А вы паглядзіце на па-святочнаму ўбраныя вітрыны крамаў і таксама ўсё зразумееце.

Дваццаць. Мой чацвёрты юбілей. Нягледзячы на дзявочую памяць, усе свае юбілеі я магу прыгадаць.

Пяць. На свяце ў мой гонар было шмат гасцей. Альбо мне гэта проста падалося, бо я была малая, і для мяне шмат было ўсё, што не адзін. Дарослыя адкаркавалі шампанскае так удала, што корак доўга лётаў па пакоі. Я спужалася.

Дзесяць. Мне патлумачылі, што дзесяць – гэта юбілей. Я, вельмі кемлівая дзяўчынка, усё зразумела, і тым, хто віншаваў мяне з Днём нараджэння, казала, што яны віншуюць мяне няправільна, бо ў мяне не нейкі там звычайны ДН, а юбілей.

Пятнаццаць. Быў дзявочнік. Нехта сказаў “Лёша”, я пачырванела, і мяне папалілі.

Дваццаць. По-о-о-омню, нягледзячы ні на што! Помню, што вельмі люблю сваю групу. Так, люблю сваю групу вельмі!

Дваццаць. Проста дваццаць. А я нават не паплакала з гэтай нагоды...

Спасылка | Пракамэнтаваць {6} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

ПЕРШАЕ, ДРУГОЕ, ТРЭЦЯЕ...

Ліс. 14, 2009 | 09:10 pm

1) У мяне паляцеў компік. І, здаецца, паляцеў даволі сур'ёзна... Добры гном рафік, які чараваў над бедным дзіцёнкам тэхнічнага прагрэсу два вечары запар, пакуль нічога не змог з ім зрабіць. Компік мёртвы, я - таксама.

2) ... учора дэканат раздаў старастам нейкія дзіўныя, цалкам алагічныя анкеткі. Патрабавалася, натуральна, каб студэнты іх запоўнілі. Анкета мела дадатак - маленькую паперачку, што ўтрымлівала просьбу абавязкова запаўняць оное па-беларуску. Адным з пытанняў было: "Наколькі вас задавальняе навучальны працэс у Інстытуце (па 100-бальнай шкале)?" Добрае пытанне, актуальнае. Мяне ён задавальняе на 90 (так я напісала), і таму цяпер я не маю падставы мучыць сябе пытаннем "што я тут раблю?". Далей - горай. Наступнае пытанне: "Чаго вам не хапае ў навучальным працэсе (адным словам)?" Ну, калі адным словам... Адным словам, мне не хапае сэнсу. Акурат на тыя 10 балаў, якіх не стае мне для стопрацэнтнага задавальнення навучальным працэсам... І трэ было пазначыць свой нумар тэлефона!

А цяпер я сяджу і думаю: мо хто сапраўды патэлефануе і патлумачыць мне, у чым сэнс?..


3) Сёння мне пашчасціла патрымаць у руках "ПАМІЖ-8". Такі міленькі, такі прыгожанькі, такі класненькі! Вось я дурненькая, што не пайшла на прэзентацыю.

Спасылка | Пракамэнтаваць {5} | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

Рэклама

Наладка